ВАЛАКО́ННА-АПТЫ́ЧНАЯ СУ́ВЯЗЬ , сувязь, у якой перадача інфармацыі адбываецца з дапамогай эл.-магн. ваганняў аптычнага дыяпазону (1014 — 1015 Гц) і шкловалаконных святлаводаў; від аптычнай сувязі. Найб. перспектыўны кірунак развіцця тэлекамутацыйных сістэм і сетак. Адрозніваецца ад інш. відаў сувязі вял. колькасцю каналаў (вял. прапускная здольнасць), вял. скорасцю перадачы інфармацыі, высокай аховай ад эл.-магн. перашкод, нізкай імавернасцю памылак, малымі памерамі, масай і энергаспажываннем, прастатой мантажу і пракладкі.
Валаконна-аптычная сувязь дае магчымасць ствараць сеткі тэлекамунікацый з інтэграцыяй службаў (абмен рознымі відамі інфармацыі — тэлефаніі, даных ЭВМ, ПЭВМ, факсіміле; відэаінфармацыі, тэлебачання — у адной лічбавай сетцы). Валаконна-аптычныя лініі сувязі выкарыстоўваюцца ў кабельным тэлебачанні, выліч. тэхніцы, тэлефоннай і касм. сувязі, у сістэмах кантролю і кіравання тэхнал. працэсамі, медыцыне (дыягностыцы, хірургіі) і інш. Гл. таксама Валаконная оптыка.
Літ.:
Основы волоконно-оптической связи: Пер. с англ. М., 1980;
Волоконно-оптические системы передачи. М., 1992.
Я.В.Алішаў.
т. 3, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)